Дзень сустрэчы выпускнікоў
3 лютага ў нашай гімназіі прайшоў вечар сустрэчы выпускнікоў. Вечар сустрэчы - гэта добрая традыцыя, якая існуе ўжо доўгія гады. Вось і сёлета гімназія сабрала ў сваіх сценах выпускнікоў розных гадоў. Усіх іх аб’ядноўвала адно - любоў да сваёй роднай гімназіі.
У фае вучнямі 11 класа была арганізавана рэгістрацыя выпускнікоў.
Традыцыйна быў праведзены таварыскі матч па футболе паміж камандамі выпускнікоў розных гадоў і камандай вучняў гімназіі. Маладосць і націск, і адначасова ўзрост і вопыт – гульня паказала, наколькі спорт, і футбол у прыватнасці, аб'ядноўвае людзей рознага ўзросту, сцірае межы і робіць людзей бліжэй адзін да аднаго.
Пасля матча кожны меў магчымасць прайсці па родных калідорах, зазірнуць у свае класы, выпускнікі змаглі сустрэцца са сваімі класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі і былымі аднакласнікамі.
Актавая зала нібы свяцілася ад усмешак і добрых слоў, сяброўскіх радасных успамінаў. Дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі звярнуўся да выпускнікоў са словамі віншавання. На ўрачыстым мерапрыемстве віталі выпускнікоў-юбіляраў, самым старэйшым з якіх 30 гадоў. Класным кіраўнікам юбілейных выпускаў былі ўручаны падзякі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама М.М.Башко.
Цёплую атмасферу падтрымлівалі шчырыя словы вядучых святочнага мерапрыемства. На працягу ўсяго свята са сцэны гучалі музычныя нумары, падрыхтаваныя вучнямі для гасцей, словы шчырай падзякі ўсім педагогам гімназіі за веды і мудрыя парады, якія не раз дапамагалі вучням у дарослым і самастойным жыцці. Сустрэча з юнацтвам, сустрэча з дзяцінствам у роднай гімназіі падарыла выпускнікам магчымасць вярнуцца ў той час, дзе засталіся ў памяці сябры і бесклапотнае жыццё, напоўненае яркімі падзеямі і пазітыўнымі эмоцыямі. З прывітальнымі словамі і музычным падарункам звярнуліся да педагогаў выпускнікі. У гэты дзень панавала прыемная атмасфера добразычлівасці і радасці сустрэчы. Кожны выпускнік у гэты вечар адчуў сябе часцінкай гісторыі гімназіі - роднай установы адукацыі!
Удзельнікі канцэрта дарылі ўсім усмешкі, смех, радасць, якія, спадзяемся, запомняцца для выпускнікоў да наступнага года.
Да новых сустрэч, дарагія выпускнікі!