Подзвігі жывуць у стагоддзях
19.02.2022 у ДУА "Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава" ў рамках шостага школьнага дня прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня абаронцаў Айчыны.
Мерапрыемства шостага школьнага дня для вучняў III класаў праходзіла ў форме творчай студыі. Падчас мерапрыемства з вучнямі гаварылі пра ваенныя абавязкі, прафесіі, рабяты складалі прыказкі аб службе ў арміі, размаўлялі аб памяці і павазе да тых, хто загінуў, абараняючы наша мірнае жыццё.
Для IV класаў была падрыхтавана гульнявая праграма. Дзеці праглядзелі відэаролік, адгадвалі загадкі, рэбусы, крыжаванкі, збіралі прыказкі, расшыфроўвалі фразы. Усе заданні былі накіраваны на атрыманне інфармацыі аб узброенай моцы краіны, аб абаронцах Айчыны, аб іх мужнасці, сіле і адвазе. Выхаванне патрыятызму, культуры зносін - адна з мэтаў мерапрыемства. На мерапрыемства былі запрошаны дзеці дашкольнага ўзросту з нядзельнай школы. З імі старэйшыя сябры правялі гутарку аб абаронцах Айчыны і прапанавалі некалькі гульнявых заданняў.
Вучні V класаў прынялі ўдзел у інтэрактыўнай віктарыне "Абарона Радзімы - абавязак кожнага". Камандам было прапанавана 5 катэгорый заданняў рознага ўзроўню складанасці. Адказваючы на пытанні віктарыны, вучні пазнаёміліся з многімі вайсковымі спецыяльнасцямі, даведаліся пра подзвігі абаронцаў Айчыны.
«Ёсць падзеі, значэнне якіх не цьмянее ад няўмольнага бегу часу і якія не сціраюцца з памяці людзей. Памяць аб гэтых падзеях беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне, яна перажывае стагоддзі: гэта не проста ўласцівасць чалавечай свядомасці захоўваць сляды мінулага, памяць – гэта мост паміж мінулым і будучыняй». З такіх слоў пачаўся Урок Мужнасці "Подзвігі жывуць у стагоддзях" для VI, VII і VIII класаў. Вучні расказалі пра сваіх блізкіх і родных, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, паказалі старыя фатаграфіі і памятныя прадметы. Тэма вайны з’яўляецца вызначальнай для гістарычнай памяці. Мы павінны заўсёды памятаць аб тым, якім коштам заваяваны мір, памятаць аб тых, хто сваім жыццём падарыў нам светлую будучыню.