Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава"
телефон: 77 20 96
email: gymn2@rooborisov.by
222517, г. Барысаў, вул. Н-Неман, 22

Зорны маршрут даўжынёю ў 35 гадоў: беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава адзначыла свой юбілей!

31.10.2026
Зорны маршрут даўжынёю ў 35 гадоў: беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава адзначыла свой юбілей!

30 кастрычніка дзверы беларускамоўнай гімназіі № 2 горада Барысава шырока расчыніліся для асаблівага, доўгачаканага свята. Наша ўстанова адукацыі –  адзіная беларускамоўная гімназія ў Мінскай вобласці –  адзначыла свой 35-гадовы юбілей! Гэты святочны дзень сабраў разам педагогаў, вучняў, бацькоў, выпускнікоў розных пакаленняў і шматлікіх ганаровых гасцей.

Ужо з самага ганка ўстановы госці траплялі ў дзіўную атмасферу чыгуначнага вакзала часу. Кожнаму пасажыру «Юбілейнага экспрэса» на касе выдавалі «шчаслівы квіток» з найлепшымі пажаданнямі. Да адпраўлення цягніка ў фае працавала зала чакання, дзе госці маглі азнаёміцца з выставай гімназічных дасягненняў, зрабіць яркі здымак на памяць на фотаплатформе «Зорны маршрут», паўдзельнічаць у міні-віктарынах на станцыі «Эрудыт-буфет» і пакінуць свае цёплыя словы ў Юбілейнай кнізе водгукаў.

Пад гукі меладычнага вакзальнага гонга і ўрачысты марш мажарэтак «Юбілейны экспрэс» адправіўся ў  вялікае падарожжа. На сцэне актавай залы разгарнулася сапраўднае зорнае сузор’е жыццёвых каштоўнасцей: Спадчына, Веды, Еднасць, Традыцыі, Адданасць і Чалавечнасць, якія разам ствараюць жывую энергію гімназічнага «Светача».

Капітан гэтага зорнага маршруту –  дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі – звярнуўся да прысутных са словамі прывітання і гонару за свой калектыў і вучняў.

Сапраўдным упрыгожваннем вечара стала станцыя «Віншавальная», на якой гучалі словы ўдзячнасці і ўручаліся заслужаныя ўзнагароды тым, чыя штодзённая праца складае славу нашай педагагічнай сям’і. З прывітальным словамі  выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Лілія Эдуардаўна Чэча, намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Ягор Аляксеевіч Мандрык, начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Дзмітрыева, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Валянцінаўна Апраніч,  старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Наталля Уладзіміраўна Грынь, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Вольга Віктараўна Гарадзецкая, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марыя Аляксандраўна Лісічонак, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Барысаўскага раёна і нашы надзейныя партнёры –  кіраўніцтва ААТ «Барысаўскі завод агрэгатаў».

Кранальным і хвалюючым момантам стала сустрэча з «Залатым фондам» гімназіі – нашымі паважанымі настаўнікамі-ветэранамі працы, а таксама выступленні першага дырэктара Пятра Рыгоравіча Васькоўскага і другога дырэктара Алены Віктараўны Скурат.

Яркія творчыя нумары, інструментальны аркестр, цудоўныя спевы, харэаграфічныя нумары. Напрыканцы вечара на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі канцэрта, каб разам з аўтарам – нашым таленавітым педагогам Аляксандрам Юр'евічам Яшчанкам – выканаць велічны Гімн гімназіі.

35 гадоў – гэта слаўны шлях поспехаў і перамог. Наш «Юбілейны экспрэс» зрабіў прыпынак, каб падвесці вынікі, і зноў упэўнена накіраваўся наперад па  рэйках гісторыі –  да новых зорных вышынь, захоўваючы галоўны закон –  рабіць дабро!

З юбілеем, родная гімназія! Шчаслівага далейшага шляху!

Версия сайта для слабовидящих