У дзяржаўнай установе адукацыі «Беларускамоўная гімназія № 2 г.Барысава» прайшоў Рэспубліканскі алімпійскі ўрок, арганізаваны ў рамках святкавання Міжнароднага дня спорту на карысць развіцця і міру, які адзначаюць 6 красавіка. Правядзенне "Алімпійскага ўрока" стала для многіх яшчэ адным адкрыццём у свет спорту.
Першымі прынялі ўдзел вучні пачатковай школы. Рабяты даведаліся пра дасягненні беларускіх спартсменаў, прагледзелі відэаролікі, сталі ўдзельнікамі гульні “Хутчэй, вышэй, мацней!” Цікавым і пазнавальным стала для вучняў знаёмства з алімпійскай сімволікай, алімпійскімі талісманамі.
Алімпійскую эстафету падхапілі вучні 5-8 класаў. Вучні прайшлі па алімпійскім шляху ў інтэлектульным турніры “З Токіа ў Пекін”. Веды і эрудыцыя дапамаглі адказаць на цікавыя і разнастайныя пытанні.
У 9-11 класах алімпійскі ўрок прайшоў пад назвай “Алімпійскія гульні ХХ стагоддзя”. Віктарына, гістарычныя даведкі, прэзентацыі пра алімпійскія віды спорту паспрыялі фарміраванню ў светапоглядзе вучняў значнасці алімпійскай культуры, папулярызацыі і прапагандзе алімпійскага руху.
08.04.2022 вучні ХІ “Б” класа пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Ермачэнкі Кірыла Андрэевіча прынялі ўдзел у праекце.
Гімназісты даведаліся, як праходзяць Алімпійскія гульні, іх рэгламент, гісторыю, прыгадалі легендарныя дасягненні нашай Алімпійскай зборнай. Для замацавання матэрыялу было праведзена 4 раунды спаборніцтва па "алімпійскай сістэме": класічная "Што? Дзе? Калі?"; "Алімпіяда ў асобах"; "Што на піктаграме?"; "Гімн Радзімы на ўручэнні медалёў".
«У нашым крохкім свеце, дзе з’яўляюцца рознагалоссі, канфлікты і недавер, мы паказваем усім, што можна быць сапернікамі і ў той жа час жыць мірна і паважліва разам. У гэтым і заключаецца місія Алімпійскіх гульняў: аб’яднаць усіх у мірным спаборніцтве. Алімпіяда заўсёды будавала масты і ніколі не ўзводзіла сцены”, – гэтыя словы Прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха, якія прагучалі на адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Пекіне, як нельга лепш перадаюць асноўную канцэпцыю гэтай вялікай падзеі. Спорт аб'ядноўвае людзей усіх кантынентаў і дапамагае змагацца ўсім разам за мір ва ўсім свеце – гэта зразумелі і вучні нашай гімназіі.