У сучаснай адукацыі важныя не толькі веды і навыкі, але і ўмовы, у якіх вучань можа развівацца, адчуваць падтрымку і вучыцца адказна ўзаемадзейнічаць з іншымі. Значную ролю ў стварэнні такога асяроддзя адыгрываюць сацыяльнае партнёрства і грамадзянскія традыцыі. Гэтыя пытанні сталі тэмай педагагічнага савета, падчас якога педагогі абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва гімназіі з сям’ёй, грамадскімі арганізацыямі і мясцовай супольнасцю.
У педагагічным савеце выступілі госці гімназіі: галоўны спецыяліст ГУ «Дзяржаўны аб’яднаны музей г. Барысава» Алена Мікалаеўна Шылава і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУДА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» Анушкевіч Марына Генадзьеўна. Госці звярнулі ўвагу на магчымасці супрацоўніцтва гімназіі з музеем і цэнтрам творчасці, на значэнне музейных матэрыялаў у вывучэнні гісторыі роднага краю. Музейная прастора дапамагае зрабіць навучанне больш наглядным і звязаць веды з культурнай спадчынай і жыццём мясцовай супольнасці.
Удзельнікі педагагічнага савета адзначылі, што супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнерамі можа стаць асновай для тэматычных сустрэч, экскурсій і вучнёўскіх даследчых праектаў. Такая дзейнасць спрыяе развіццю цікавасці да гісторыі, навыкаў пошуку і аналізу інфармацыі, а таксама адказных адносін да захавання культурных каштоўнасцей.