Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава"
телефон: 77 20 96
email: gymn2@rooborisov.by
222517 г. Барысаў, вул.Н-Неман, 22

На зорным шляху: выпускны вечар для гімназістаў

15.06.2024
На зорным шляху: выпускны вечар для гімназістаў

Чэрвень. У небе зорныя россыпы...

Школьны парог як касмічны старт.

Дзяўчынкі і хлопчыкі сталі раптам дарослымі…

Імкненне наперад: зорны час ў рабят!       

 

У беларускамоўнай гімназіі №2 прайшоў выпускны вечар – урачыстае развітанне 11-класнікаў  са сваімі настаўнікамі і роднымі сценамі гімназіі. Сёння дзеці развітваюцца са сваім дзяцінствам і ўступаюць у новы этап жыцця. Іх усмешкі і погляды поўныя надзеі і натхнення. Настаўнікі і бацькі з гонарам і цеплынёй глядяць на сапраўды дарослых дзяцей. 

Сёлета ўстанову адукацыі скончылі 24 выпускнікі, якія паспяхова прайшлі атэстацыю. Гонар гімназіі - 2 залатых медаліста – Сідарава Ганна і Усцін Елізавета. Адзін з вучняў – Лайкоў Павел – атрымаў 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы.

 

     З пераходам у дарослае жыццё былых гімназістаў павіншавала начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Садоўская. Дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі  пажадаў выпускнікам ніколі не спыняцца на дасягнутым, заўсёды рухацца наперад, не баяцца жыць.                                                                                     

     Свята атрымалася ўрачыстым і па-сямейнаму цёплым. Пасля цырымоніі ўручэння атэстатаў прагучалі віншаванні і добрыя пажаданні ад  класнага кіраўніка Калаур Алесі Анатольеўны, педагогаў, бацькоў. Выпускнікі прадэманстравалі на сцэне розныя грані сваіх талентаў. Адным з запамінальных момантаў стаў развітальны школьны вальс  і выкананне гімна роднай гімназіі. Доўгачаканы і хвалюючы вечар развітання стаў сапраўдным святам маладосці, прыгажосці, музыкі, мар і надзеі. Традыцыйная сустрэча світанка стала сімвалам сустрэчы новага дарослага жыцця!

Жадаем нашым выпускнікам зрабіць правільны выбар і ўпэўнена ісці да вызначанай мэты, знайсці шчасце ў жыцці і не выпусціць яго. Удачы і поспехаў Вам на складанай, але вельмі цікавай жыццёвай дарозе!   У добры шлях, дарагія выпускнікі!

Версия сайта для слабовидящих