Яркае сонца і лёгкі подых ветру сустрэлі гэты асаблівы дзень – 23 мая 2026 года. Для кагосьці гэта проста пачатак доўгіх летніх канікул, а для нашых выпускнікоў – мяжа, за якой пачынаецца дарослае жыццё. У гэты шчымлівы дзень дворгімназіі напоўніўся ўсмешкамі, кветкамі і ледзь прыкметнымі слязамі на вачах бацькоў і настаўнікаў, якія праважаюць у вялікі шлях 39 выпускнікоў 11-х класаў і 58 выпускнікоў 9-х класаў.
Свята пачалося з урачыстай лінейкі. Пад гучныя апладысменты на плошчу перад гімназіяй вышлі галоўныя героі дня – вучні 11 “А” класа і класны кіраўнік Кляшторная Галіна Іванаўна і вучні 11 “Б” класа з класным кіраўніком Кацановіч Інай Уладіміраўнай. Прыгожыя і крыху хвалюючыяся, яны сталі цэнтрам усеагульнай увагі.
З бацькоўскім цяплом і гонарам да вучняў звярнуўся дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі. Ён адзначыў высокія дасягненні гэтага выпуску ў навуцы, спорце і творчасці, падзякаваў педагогам і бацькам. Звяртаючыся да адзінаццацікласнікаў, дырэктар пажадаў ім быць годнымі грамадзянамі краіны і цвёрда ісці да пастаўленай мэты.
Сярод ганаровых гасцей на свяце прысутнічала начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Міхайлаўна Садоўская. У сваім выступленні Ірына Міхайлаўна падкрэсліла, што кожны выпускнік Барысаўшчыны – гэта будучыня нашай краіны, яе інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Яна выказала шчырую ўдзячнасць педагогам за высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў і пажадала рабятам паспяховай здачы экзаменаў, упэўненасці ў сваіх сілах і мірнага неба над галавой.
Сапраўдным сімвалам пераемнасці пакаленняў стала выступленне першакласнікаў, якія прачыталі выпускнікам цёплыя вершаваныя пажаданні і паабяцалі берагчы гімназічныя традыцыі.
Яркім момантам лінейкі стаў развітальны вальс. Гэты прыгожы, лёгкі і неверагодна хвалюючы танец, у якім закружыліся нашы адзінаццацікласнікі, нікога не пакінуў абыякавым.
Пасля гэтага ў знак адзінства, моцных традыцый і вернасці роднай установе Гімн гімназіі з гонарам выканалі ўсе разам – вучні, настаўнікі і бацькі.
І, нарэшце, надышоў найбольш хвалюючы момант — прагучаў Апошні званок, які ўрачыстым рэхам абвясціў аб заканчэнні чарговага этапу і пачатку новага дарослага жыццёвага шляху.
Пасля афіцыйнай часткі свята перамясцілася ў актавую залу, дзе адбыўся традыцыйны творчы капуснік. Выпускнікі падрыхтавалі яскравы і вельмі душэўны святочны канцэрт, які стаў сапраўдным калейдаскопам успамінаў пра незабыўныя школьныя гады. Са сцэны гучалі цёплыя словы шчырай удзячнасці любімым педагогам, класным кіраўнікам і адміністрацыі гімназіі. Творчыя нумары, напоўненыя светлым сумам, добрым гумарам і шчырасцю, стварылі ў залі неверагодную атмасферу адзінства і свята.
У добры шлях, выпуск 2026 года! Няхай усе вашы мары здзейсняцца, а дзверы роднай гімназіі заўжды будуць адчынены для вас!