У ДУА «Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава» адбыўся конкурс творчых работ (сачыненняў) «Мая краіна ў СНД». Інтэлектуальна-творчае спаборніцтва было прымеркавана да знамянальнай даты — 35-годдзя з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Удзел у конкурсе прынялі вучни 8–11 класаў. Старшакласнікі праявілі вялікую цікавасць да тэмы ідэйнага і культурнага яднання народаў, а таксама месца і ролі сучаснай Беларусі на міжнароднай арэне. У сваіх сачыненнях юныя аўтары разважалі пра гістарычную спадчыну, добрасуседскія адносіны, захаванне міру і культурны абмен паміж краінамі-ўдзельніцамі Садружнасці.
Агулам на разгляд журы было прадстаўлена 38 творчых работ. Кожнае сачыненне вылучалася глыбінёй думак, шчырасцю і ўласным поглядам на будучыню роднай краіны. Па выніках ацэнкі журы вызначыла 9 лепшых аўтараў, якія сталі пераможцамі конкурсу.
Урачыстае падвядзенне вынікаў прайшло ў цёплай атмасферы. Перад вучнямі выступіў дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі. У сваёй прамове ён спыніўся на гісторыі стварэння і развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў, падкрэсліўшы важнасць захавання традыцый сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.
Напрыканцы сустрэчы Анатолій Станіслававіч павіншаваў гімназістаў з высокімі вынікамі і ўручыў пераможцам заслужаныя граматы, пажадаўшы ім далейшых поспехаў у вучобе і новай творчай актыўнасці.