23.04.2025 дзякуючы ініцыятыве дэпутата Мінскага абласнога савета дэпутатаў, Барысаўскага раённага савета дэпутатаў Гарадзецкай Вольгі Віктараўны вучні 11 класаў ДУА " Беларускамоўная гімназія 2 г.Барысава" і іх класныя кіраўнікі наведалі Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта падзея пакінула незабыўныя ўражанні і ў адзінаццацікласнікаў, і ў іх настаўнікаў.
З першага моманту ўразіла атмасфера гэтай важнай дзяржаўнай установы. Мы пазнаёміліся з гісторыяй парламентарызму і даведаліся пра тое, як фарміруецца заканадаўства ў нашай краіне. Экскурсія была вельмі добра арганізавана. Нашу групу суправаджалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Шыпула Аляксандр Валер'евіч і Гарадзецкая Вольга Віктараўна, якія падзяліліся цікавымі фактамі і дэталямі працы Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
Вучні атрымалі ўнікальную магчымасць задаць пытанні пра працэс прыняцця законаў, пра працу парламента і пра тое, як кожны з нас можа ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Гэта сустрэча натхніла дзяцей і дапамагла зразумець важнасць актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Таксама мы змаглі ўбачыць авальную залу, дзе праходзяць пасяджэнні, што стала сапраўднай нечаканасцю для нашых вучняў. Пабываць у месцы, дзе праходзяць абмеркаванні актуальных пытанняў і прымаюцца важныя рашэнні для краіны, было вельмі займальна.
Наведанне Палаты прадстаўнікоў стала не толькі адукацыйнай, але і натхняльнай падзеяй. Мы вярнуліся поўныя ўражанняў, абагаціліся новымі ведамі пра палітычную сістэму, што, безумоўна, зробіць уплыў на фарміраванне нашай актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў будучыні. Раім усім школьнікам хаця б раз у жыцці наведаць дадзеную ўстанову!
Другая частка экскурсіі была прысвечана наведванню Прэзідэнцкай бібліятэкі, дзе праходзяць выставы, прысвечаныя 80-годдзю Перамогі. Усе засталіся ў поўным захапленні! Экскурсія была арганізавана на высокім узроўні: глыбокія і кранальныя выступленні, атмасфера патрыятызму і адзінства, а таксама цікавыя выставы, прысвечаныя гераічным старонкам нашай гісторыі.
Асабліва запомнілася выступленне работніка бібліятэкі, якая расказала і паказала "жывыя" кнігі з успамінамі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэты напамін пра мужнасць і стойкасць тых, хто абараніў нашу Радзіму, пакінуў глыбокі след у душах усіх прысутных.
Мы ўзбагаціліся не толькі новымі ведамі і эмоцыямі, але і пачуццём гонару за наша гераічнае мінулае, якое будзе суправаджаць нас у будучыні. Рэкамендуем усім наведаць Прэзідэнцкую бібліятэку — гэта не толькі месца ведаў, але і месца выхавання сапраўднага патрыёта нашай Беларусі!