17 верасня – асаблівая дата для кожнага грамадзяніна Беларусі. Гэта Дзень народнага адзінства, які сімвалізуе моц і непадзельнасць нашай краіны, яе багатую гісторыю і агульныя каштоўнасці. Наша гімназія не засталася ўбаку ад такога важнага свята, арганізаваўшы насычаную праграму, якая аб’яднала вучняў, настаўнікаў і педагогаў.
Пачаўся святочны дзень з прыемнай падзеі – уручэння кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. “Гэтая кніга – не проста падарунак, гэта запрашэнне ў свет нашых агульных гісторый, нашых традыцый і нашага гонару за сваю краіну”, – адзначыў дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі падчас цырымоніі ўручэння.
Разам з тым, ва ўсіх класах прайшоў адзіная інфармацыйная гадзіна “17 верасня - Дзень Адзінства”.
Працягам святочнага дня стала ўрачыстая цырымонія ўступлення новых сябраў у шэрагі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэты дзень нашы гімназісты афіцыйна сталі членамі БРСМ. Гэта падзея – важны крок для моладзі на шляху сталення і самавызначэння.
Кульмінацыяй свята стала напісанне агульнага дыктанта пад назвай “Мова родная – мова праўдная”. Сёлетні тэкст рэспубліканскага дыктанта, трансляцыя якога вялася на рэсурсах moladz.by, быў прысвечаны каштоўнасцям беларускага грамадства, пераемнасці пакаленняў, міру і захаванню гістарычнай памяці. У гэты святочны дзень за парты, каб праверыць сваю граматнасць і выказаць павагу да роднай мовы, селі не толькі вучні, але і педагогі. Асабісты прыклад падрастаючаму пакаленню прадэманстраваў дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі, які пісаў дыктант разам са сваімі вучнямі і калегамі. «Дзень народнага адзінства – гэта напамін пра тое, што сіла нашай краіны – у супольнасці і вернасці сваім караням. Напісанне дыктанта разам, калі побач працуюць і вучань, і настаўнік, паказвае нашу сапраўдную еднасць, павагу да суверэннай Беларусі і яе нацыянальнай спадчыны», - падкрэсліў Анатолій Станіслававіч.
Дзень народнага адзінства ў нашай гімназіі прайшоў пад знакам еднасці, патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Мы – адзіная краіна, адзіны народ, адзіная гісторыя!