Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава"
телефон: 77 20 96
email: gymn2@rooborisov.by
222517, г. Барысаў, вул. Н-Неман, 22

Веды сёння - сіла і працвітанне Беларусі заўтра: у гімназіі прагучаў першы званок

01.09.2026
Веды сёння - сіла і працвітанне Беларусі заўтра: у гімназіі прагучаў першы званок

1 верасня 2026 года  дзяржаўная ўстанова адукацыі «Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава» зноў гасцінна адчыніла свае дзверы для вучняў, педагогаў і бацькоў. Традыцыйная ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года, дала афіцыйны старт чарговаму марафону здзяйсненняў і адкрыццяў. Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, атмасфера ў гімназіі была надзвычай цёплай, сонечнай і святочнай. Гімназічны двор расквітнеў ад яркіх букетаў, шчырых усмешак і радасных сустрэч пасля доўгіх летніх канікул. Асаблівыя апладысменты і цёплыя словы гучалі ў адрас першакласнікаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у краіну ведаў, а таксама выпускнікоў, для якіх гэты навучальны год стане вырашальным. 

Урачыстая частка мерапрыемства была напоўнена шчырымі пажаданнямі і важнымі словамі:З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі. Ён павіншаваў калектыў, вучняў і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года, выказаў упэўненасць, што сумесныя намаганні настаўнікаў і сям'і прынясуць выдатныя плёны. Анатолій Станіслававіч падкрэсліў, што кожны год адкрывае перад гімназістамі новыя гарызонты для высокіх дасягненняў у вучобе, навуцы і творчасці, а таксама асабліва адзначыў важнасць захавання і развіцця  найлепшых традыцый нашай адукацыі. Звяртаючыся да першакласнікаў, кіраўнік установы пажадаў ім смеласці на старце, а выпускнікам - поспехаў пры падрыхтоўцы да будучых экзаменаў.

Ганаровым госцем урачыстасці стаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Агрэгаты» Юрый Пятровіч Бурко. Ён адзначыў, што сучасная моладзь - гэта будучыня нашай краіны, і пажадаў хлопцам і дзяўчатам упэўнена крочыць да сваёй мэты, шанаваць працу настаўнікаў і быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

Кульмінацыяй лінейкі стаў звонкі першы званок, які меладычна паклікаў усіх у класы і адначасова адкрыў галоўную тэму гэтага дня. Менавіта ён даў старт першаму ўроку «Веды сёння – сіла і працвітанне Беларусі заўтра», на якім вучні разам з настаўнікамі пачалі свой шлях да новых вяршынь, ведаў і будучых поспехаў на карысць роднай краіны. Разам яны разважалі пра ролю адукацыі і навукі ў развіцці сучаснай дзяржавы, пра асабісты ўклад кожнага чалавека ў росквіт роднай Беларусі, а таксама вызначылі галоўныя мэты і задачы на новы навучальны год.

Віншуем усю гімназічную сям'ю з пачаткам навучальнага года! Няхай ён будзе мірным, яркім і багатым на выдатныя адзнакі і значныя перамогі!

Версия сайта для слабовидящих