Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава"
телефон: 77 20 96
email: gymn2@rooborisov.by
222517 г. Барысаў, вул.Н-Неман, 22

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў

23.03.2024
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў

Сёння беларускамоўная гімназія сустракала ў сваіх сценах вучняў з многіх устаноў адукацыі Барысаўскага раёна – пераможцаў і прызёраў Другой раённай алімпіяды па фінансавай граматнасці сярод вучняў V–VІІІ класаў і раённага конкурсу «Мая фінансавая будучыня пачынаецца сёння, ці Скарбонка рубель беражэ». Сустракала гасцей выстава скарбонак, зробленых вучнямі сумесна з педагогамі і бацькамі.

Для маленькіх і дарослых быў арганізаваны майстар-клас, дзе можна было стварыць грашовы аберэг (педагог – Людміла Мікалаеўна Дзядкова), дзяцей заклікалі на кірмашныя рады - інтэлектуальнае кафэ “Грошык” (вучні 3 “А” класа разам з настаўнікам Алесяй Раманаўнай Старычонак), “Знаўцы фінансавай граматнасці” (вучні 11 класа і Алеся Анатольеўна Каллаур), “Угадайка” і “Разважайка” (вучні 10-х класаў разам з класнымі кіраўнікамі – Марынай Уладзіміраўнай Шмуляўцовай і Жаннай Уладзіміраўнай Дарашкевіч). На ўсіх радах можна было не толькі праверыць свае фінансавыя веды, але і атрымаць салодкі прыз.

У цырымоніі ўзнагароджання прыняла ўдзел Кліменка Алена Казіміраўна – метадыст дзяржаўнай установы “Вучэбна-метадычны цэнтр Барысаўскага раёна”, якая павіншавала ўдзельнікаў алімпіяды і конкурсу і ўручыла дыпломы пераможцам алімпіяды. Сярод іх і вучні нашай гімназіі – Аніскевіч Арцём, 5 клас (настаўнік – Дубень Галіна Васільеўна) – Дыплом І ступені, Ляончык Анастасія, 8 клас (настаўнік – Мурашка Юлія Яўгеньеўна) – Дыплом ІІІ ступені.

Дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі ўручыў Дыпломы пераможцам і прызёрам у конкурсе скарбонак. Сярод пераможцаў – Мельнікава Кіра, 4 клас (педагог – Людміла Мікалаеўна Дзядкова) – Дыплом І ступені!

Спадзяемся, што скарбонкі стануць чарговым этапам у стварэнні музея фінансавай граматнасці ў гімназіі.

Для гасцей вучні і педагогі гімназіі дарылі музычныя і харэаграфічныя нумары.

Тыдзень фінансавай граматнасці завяршыўся на вельмі пазітыўнай ноце. Але вучыцца фінансавай граматнасці мы не заканчваем, бо памятаем: быць фінансава граматным – гэта модна!

Версия сайта для слабовидящих