Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава"
телефон: 77 20 96
email: gymn2@rooborisov.by
222517, г. Барысаў, вул. Н-Неман, 22

Тэорыя, замацаваная на практыцы

28.05.2026
Тэорыя, замацаваная на практыцы

Вучэбна-палявыя зборы — гэта традыцыйны і адказны этап школьнай праграмы для дзесяцікласнікаў. Калі юнакі асвойвалі асновы вайсковай справы, то дзяўчаты былі сканцэнтраваны на медыцынскай практыцы. Тэарэтычныя веды з урокаў «Дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі» нашы гімназісты змаглі прымяніць у рэальных абставінах, максімальна набліжаных да палявых.

Галоўным экспертам і настаўнікам для моладзі 27 мая выступіў старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Сяргей Васільевіч Мароз.  Пад кіраўніцтвам Сяргея Васільевіча заняткі праходзілі не ў фармаце лекцый, а як інтэрактыўны і дынамічны практыкум. Выкарыстоўваючы спецыяльныя манекены і трэнажоры, дзяўчаты адпрацавалі базавы алгарытм дзеянняў у крытычных сітуацыях. Асаблівая ўвага надавалася псіхалагічнай гатоўнасці не разгубіцца і прыняць рашэнне ў першыя, самыя важныя хвіліны пасля здарэння. 

28 мая дзесяцікласнікі наведалі 740-ы зенітны ракетны полк. І хлопцы, і дзяўчаты змаглі  пабачыць сапраўдныя вайсковыя будні і дакрануцца да баявой гісторыі.Візіт пачаўся з экскурсіі па тэрыторыі воінскай часці. Гімназісты наведалі казармы, дзе пазнаёміліся з укладам жыцця сучасных салдат, распарадкам дня і строгай вайсковай дысцыплінай. Самай азартнай і доўгачаканай часткай дня сталі практычныя заняткі . Пад кіраўніцтвам вопытных афіцэраў палка дзесяцікласнікі адпрацоўвалі складанне і разбор аўтаматаў на хуткасць, правілы бяспечнага абыходжання са зброяй. Кожны вучань меў магчымасць самастойна патрымаць у руках зброю, праверыць сваю спрытнасць і адчуць адказнасць, якую нясе кожны салдат.

Наступным пунктам праграмы стаў гараж з баявой тэхнікай. Вайскоўцы расказалі пра прызначэнне і баявыя магчымасці машын, што выклікала асаблівае захапленне ў падлеткаў.

Завяршыўся візіт у музейным пакоі палка. Дзесяцікласнікі акунуліся ў гераічнае мінулае воінскай часці, даведаліся пра подзвігі салдат мінулых пакаленняў і гісторыю фарміравання сувязей паміж арміяй і народам. 

Дадзеныя заняткі не толькі ўзбагацілі юнакоў і дзяўчат практычнымі ведамі, але і згуртавалі іх, навучыўшы галоўнаму: узаемавыручцы, грамадзянскаму абавязку і каштоўнасці чалавечага жыцця.

Версия сайта для слабовидящих