21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашай навучальнай установы - беларускамоўнай гімназіі № 2 г. Барысава - гэта не проста дата ў календары, а сапраўднае свята нацыянальнай годнасці, напоўненае водарам хатняй выпечкі, шчырымі песнямі і мілагучным беларускім словам.
Свята завітала ў гімназію з самага ранку. У фае разгарнулася акцыя «Кошык пажаданняў». Бацькам і настаўнікам прапаноўвалі прайсці невялікі марафон: успомніць тры любімыя беларускія словы. За кожнае прыгожае слова ўдзельнікі атрымлівалі цукерку з душэўным пажаданнем на роднай мове. Аксаміт, радзіма, матуля, каханне, натхненне, асалода, бурштын, ластаўка, сэрца, дзякуй, рызынкі, бульба - таты і мамы, бабулі і дзядулі з усмешкай узгадвалі самыя цёплыя і каларытныя беларускія словы. Сапраўдным упрыгожваннем раніцы стаў выступ аднаго з татаў: ён не проста назваў словы, а пранікнёна прачытаў верш на беларускай мове. Гэты момант паказаў, што любоў да роднага слова перадаецца ў спадчыну - ад бацькоў да дзяцей, напаўняючы кожную сям'ю асаблівым святлом.
Адначасова з гэтым настаўнікі і вучні прымалі ўдзел у акцыі «Слова да слова - будзе мова». Кожны змог пакінуць сваё самае дарагое сэрцу слова на адмысловым «Дрэве слоў», якое літаральна на вачах заквітнела маляўнічым лексічным багаццем.
Для аматараў чытання працавала зона буккросінгу "Вялікі кнігазварот", дзе кожны жадаючы мог абмяняцца кнігамі і адкрыць для сябе новых беларускіх аўтараў.
Але сапраўдным цэнтрам прыцяжэння стала прэзентацыя страў беларускай кухні "Смак мовы". Вучні і бацькі аб’ядналіся, каб паказаць майстар-клас па гасціннасці: сталы літаральна ламаліся ад нацыянальных прысмакаў, прыгатаваных па традыцыйных рэцэптах. Кожная страва суправаджалася не проста пачастункам, а цікавым апавяданнем пра гісторыю яе паходжання. Удзельнікі прэзентацыі даказалі: беларуская кухня - гэта не проста ежа, гэта частка нашай гісторыі, якую мы беражліва захоўваем і перадаем нашым дзецям.
Не засталіся ў баку і самыя маленькія гімназісты. Для вучняў 3–4 класаў прайшло займальнае інтэрактыўнае падарожжа «У пошуках літары Ў».
Малодшыя школьнікі пераўтварыліся ў сапраўдных моўных дэтэктываў. Каб адшукаць галоўную «зорку» беларускага алфавіта — унікальную літару «ў», — дзецям прыйшлося прайсці праз шэраг выпрабаванняў.
Не абышлося і без афіцыйных, але вельмі прыемных момантаў. На свяце прысутнічалі ганаровыя госці. Старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання “Белая Русь” Марыя Аляксандраўна Лісічонак ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла членскія білеты маладым педагогам гімназіі, што стала сімвалам пераемнасці пакаленняў і грамадзянскай актыўнасці.
Кульмінацыяй дня стаў канцэрт-экспромт. Са сцэны гучалі пранікнёныя вершы і песні, якія нікога не пакінулі абыякавым. Сапраўдным падарункам і сюрпрызам стала выступленне старшыні Барысаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлі Уладзіміраўны Грынь, якая не толькі павіншавала калектыў гімназіі са святам, але і выканала песню на беларускай мове, чым выклікала шквал апладысментаў.
Яркую кропку ў святкаванні паставіў энергічны флэшмоб «Танцуем разам», які аб’яднаў і дарослых, і дзяцей у адным рытме танца.
Міжнародны дзень роднай мовы ў гімназіі № 2 г. Барысава яшчэ раз нагадаў нам простую і важную ісціну: мова жыве там, дзе яе любяць. Пакуль у сценах гімназіі № 2 г. Барысава гучыць мілагучнае беларускае слова, пакуль нашы вучні з гонарам гавораць "Мая мова – мая душа", мы можам быць упэўненыя: у нашай Беларусі ёсць будучыня!
Дзякуй усім, хто зрабіў гэтае свята такім цёплым і незабыўным!