Першая субота лютага ў нашай краіне - час асаблівы. Гэта час вяртання ў дзяцінства, час шчырых абдымкаў і светлых усмешак. Сёння Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Беларускамоўная гімназія №2 г. Барысава» зноў гасцінна адчыніла дзверы для сваіх выпускнікоў.
У фае гімназіі панавала атмасфера радаснага хвалявання. Выпускнікі розных пакаленняў - ад тых, хто пакінуў родныя сцены дзесяцігоддзі таму, да ўчарашніх адзінаццацікласнікаў - збіраліся разам, каб хоць на імгненне спыніць час. Вельмі прыемна было бачыць, што многія былыя вучні прыйшлі на свята са сваімі дзецьмі.Маленькія з цікавасцю разглядалі фотаздымкі на стэндах, шукалі сваіх тату і маму, а бацькі з гонарам паказвалі ім свае класныя кабінеты. Шмат для каго з іх гімназія №2 стала сапраўдным сямейным асяродкам: дзеці многіх выпускнікоў ужо сёння атрымліваюць адукацыю ў нашых сценах, працягваючы добрыя традыцыі роднай навучальнай установы.
Урачыстай часткай мерапрыемства стаў святочны канцэрт. Са сцэны гучалі шчырыя словы падзякі настаўнікам і кранальныя песні на роднай мове. Сённяшнія гімназісты падрыхтавалі яскравыя нумары, якія не пакінулі абыякавым нікога ў зале. Самым хвалюючым і ўрачыстым момантам канцэрта стаў яго фінал. Па добрай даўняй традыцыі ўсе прысутныя ў зале - і выпускнікі, і сённяшнія вучні, і настаўнікі - выканалі гімн гімназіі. У гэтыя хвіліны кожны адчуў сябе часткай вялікай і дружнай сям’і, якую аб’ядноўвае любоў да роднага слова і павага да сваіх каранёў.
Пасля канцэрта выпускнікі разышліся па класных кабінетах. Сустрэчы з любімымі настаўнікамі прайшлі ў фармаце цёплых гутарак і ўспамінаў. Былыя вучні дзяліліся сваімі поспехамі, узгадвалі цікавыя гісторыі з гімназічнага жыцця і, канечне, дзякавалі педагогам за тыя веды і жыццёвую мудрасць, якія яны атрымалі менавіта тут, у беларускамоўнай гімназіі.
Вечар сустрэчы яшчэ раз даказаў: колькі б гадоў ні прайшло, гімназія застаецца тым месцам, дзе цябе заўсёды чакаюць, дзе жыве памяць пра лепшыя гады юнацтва.
Да новых сустрэч, дарагія выпускнікі! Гімназія №2 заўсёды ганарыцца вамі!