Калі навуковае даследаванне становіцца пачаткам жывога дыялогу: у беларускамоўнай гімназіі № 2 пабывала аўтар і вядучая папулярнага тэлепраекта АНТ Марына Караман.
Гэты дзень у гімназіі напоўніўся асаблівай энергетыкай! У госці да нашых вучняў завітала таленавітая журналістка Марына Караман - аўтар і вядучая папулярнага тэлепраекта АНТ, чыё майстэрства слова стала прадметам сапраўднага навуковага даследавання.
Пачалося ўсё з натхнення і карпатлівай працы вучаніцы 11 класа Марыі Невярка. Яе даследаванне ў секцыі «Лінгвістыка» на тэму «Чаму з Марынай Караман усё зразумела? Асаблівасці маўленчых паводзін тэлевядучай» не проста прынесла бліскучую перамогу на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (Дыплом І ступені), але і стала пачаткам дзіўнай гісторыі. Марына Караман, даведаўшыся пра працу маладых даследчыкаў, вырашыла асабіста пазнаёміцца з тымі, хто так тонка адчуў і прааналізаваў яе творчы стыль.
Сустрэча атрымалася неверагодна цёплай. Марына Караман з вялікай цікавасцю пагутарыла з Марыяй і яе навуковым кіраўніком — Афонскай Вольгай Уладзіміраўнай. Яны абмеркавалі, як нараджалася ідэя праекта, як праходзіў збор матэрыялу і чаму менавіта жывое, зразумелае слова так моцна адгукаецца ў сэрцах гледачоў.
Дырэктар гімназіі Анатолій Станіслававіч Забароўскі падкрэсліў, што такія сустрэчы - лепшая ўзнагарода для вучняў. Падтрымка даследчых ініцыятыў у нашай гімназіі дазваляе хлопцам і дзяўчатам не проста атрымліваць веды, але і на практыцы бачыць вынікі сваёй працы, сустракаючыся з выдатнымі асобамі нашай краіны. Як адзначыў Анатолій Станіслававіч, стварэнне ўмоў для інтэлектуальнага і творчага росту гімназістаў з’яўляецца прыярытэтам установы, бо менавіта ў такім пошуку нараджаюцца сапраўдныя поспехі.
Адзінаццацікласнікі таксама атрымалі магчымасць пагутарыць з тэлевядучай, задаць пытанні пра прафесійныя сакрэты і працу над тэлепраектам. Гэтая сустрэча яшчэ раз пацвердзіла актуальнасць працы Марыны Караман для моладзевай аўдыторыі і паказала, што сур'ёзныя школьныя даследаванні заўсёды знаходзяць водгук у жыцці. Тэлепраект Марыны Караман - гэта не проста экранны вобраз, а актуальная і важная з’ява, якая натхняе моладзь на ўласныя адкрыцці. Тэмы, якія падымае тэлепраект, і асабісты прыклад яго аўтара натхняюць выпускнікоў верыць у свае сілы, фармаваць уласную жыццёвую пазіцыю і ўпэўнена крочыць да сваёй мэты, каб сваімі поспехамі і стваральнай працай праслаўляць родную Беларусь