18 лютага 2026 года, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылося маштабнае і кранальнае мерапрыемства — «Ода беларускай жанчыне». Гэта творчая акцыя, арганізаваная Беларускім саюзам жанчын, сабрала тых, хто шануе роднае слова і ганарыцца гісторыяй свайго краю.
Асаблівым гонарам для нашай гімназіі стала тое, што ў гэты дзень на галоўную тэатральную сцэну краіны выйшлі вучні 11 класа Веялка Раман, Канашэвіч Уладзімір, Косаў Ілья разам з дырэктарам гімназіі Забароўскім Анатоліем Станіслававічам. Наша “гімназічная сям’я” прадстаўляла Мінскую вобласць.
Дарослыя і дзеці, дзяржслужачыя, кіраўнікі і прадстаўнікі вышэйшых органаў улады, дзеячы культуры, навукі, адукацыі, выдавецтваў, СМІ, прафесійныя мастацкія калектывы і сем'і-аматары з розных абласцей краіны падарылі гледачам сапраўдную асалоду ад гучання роднай мовы.
У выкананні нашых адзінаццацікласнікаў прагучаў знакаміты верш Алеся Звонака «Беларускія жанчыны». Гэтыя радкі, напоўненыя глыбокай пашанай і захапленнем, сталі сапраўдным упрыгожваннем святочнай праграмы. Праз паэтычнае слова вучні змаглі перадаць усю веліч і нязломнасць духу беларускай жанчыны — маці, працаўніцы, захавальніцы хатняга ачага.
«Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!» — гучала са сцэны, прымушаючы сэрцы гледачоў біцца ва ўнісон з кожным словам.
Удзел у падобных мерапрыемствах – гэта не толькі магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, але і важны крок у патрыятычным выхаванні моладзі. Як адзначыў дырэктар гімназіі, менавіта праз любоў да роднай мовы і павагу да сваіх каранёў фарміруецца сапраўдны грамадзянін і патрыёт сваёй краіны.
Ад усяго сэрца дзякуем нашым вучням за годнае выступленне і шчырыя эмоцыі! Родная мова жыве там, дзе яе любяць і на ёй размаўляюць.