Сімвалічна і ўрачыста прайшоў дзень 27 лістапада ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Тут, у атмасферы высокай паэзіі, адбылася знакавая падзея для юных даследчыкаў беларускага слова: у рамках моладзевай секцыі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Прастора творчасці», прымеркаванай да 135-годдзя з дня нараджэння Песняра, прайшло ўзнагароджанне пераможцаў. Усяго на конкурс было прадстаўлена каля 150 навукова-даследчых работ. 12 работ было ўзнагароджана дыпломам І ступені.
Сапраўдным поспехам для Барысаўскага раёна стала ўзнагарода вучаніцы 10 класа ДУА «Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава» Соф'і Грыцкевіч, якая ўдастоена ганаровага дыплома І ступені!
На суд журы і ўдзельнікаў канферэнцыі Соф'я прадставіла актуальнае даследаванне на тэму: «Жаночыя вобразы ў паэзіі Максіма Багдановіча: лічбавы аналіз і папулярызацыя сродкамі штучнага інтэлекту». Сваёй працай яна даказала, што паэзія Багдановіча жывая, актуальная і можа заззяць новымі фарбамі нават у эпоху нейрасетак. Спалучэнне глыбокай павагі да класічнай літаратурнай спадчыны з сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі не пакінула абыякавым кампетэнтнаснае журы і прынесла заслужаную перамогу.
Шчыра віншуем нашу таленавітую дзесяцікласніцу і яе навуковага кіраўніка настаўніка беларускай мовы і літаратуры Ганец Наталлю Іванаўну з высокім дасягненнем!