Новую форму працы апрабуюць у Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. І.Х. Каладзеева. Гэта знаёмства з выставамі на англійскай мове ў рамках праекта "Арткалегіум". Удзел у ім сёння прынялі школьнікі і замежныя грамадзяне - студэнты Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, якія прыехалі ў Беларусь з Заходняй Афрыкі. Адной з форм работы ў рамках рэалізацыі праекта з'яўляецца "Экскурсія валанцёра", ідэя якой у тым, каб прыцягнуць творча адораных дзяцей і моладзь да правядзення мерапрыемства ў якасці экскурсаводаў, у тым ліку на замежнай мове, для розных катэгорый наведвальнікаў бібліятэкі. Сёння ў сценах бібліятэкі гучала англійская, беларуская і руская мова. А ўдзельнікамі праекта сталі студэнты падрыхтоўчага аддзялення Барысаўскага медыцынскага каледжа і вучні ХІ класа нашай гімназіі разам з настаўнікам англійскай мовы Дарашкевіч Жаннай Уладзіміраўнай. Мерапрыемства ўключала знаёмства замежных гасцей з заламі, галерэяй і выставачнымі экспазіцыямі бібліятэкі, дзе экскурсіі для іх на англійскай мове паспяхова правялі гімназісты. Студэнты слухалі з вялікай увагай, задавалі пытанні, разглядалі экспанаты і карціны, рабілі шмат фатаграфій і відэазапісаў. Варта сказаць і аб карысці сённяшняй экскурсіі. Вучні ўзбагацілі слоўнікавы запас замежнай мовы новымі тэрмінамі, гістарычнымі фактамі, атрымалі вопыт зносін з носьбітамі мовы. Замежныя наведвальнікі адкрылі для сябе наш горад, як частку культурнага рэгіёна, які дае вялікія магчымасці для пазнавальнага і цікавага вольнага часу. У планах супрацоўніцтва ў гэтым напрамку - падрыхтоўка і правядзенне "Экскурсій валанцёра" для вучняў старэйшых класаў навучальных устаноў Барысаўскага раёна з мэтай знаёмства з усімі падзейнымі і выставачнымі пляцоўкамі Цэнтральнай бібліятэкі г. Барысава.
Фота ўзяты з сайта https://edinstvo.by