Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Беларускамоўная гімназія №2 г.Барысава” 17 лістапада гасцінна расчыніла дзверы для старшынь школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў. Гасцей запрасілі на семінар па тэме “Далучэнне малодшых школьнікаў да культурнай спадчыны свайго краю на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Выкарыстанне матэрыялаў вучэбнага дапаможніка “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку” на вучэбных, факультатыўных занятках і ў пазаўрочны час (класных і інфармацыйных гадзінах, аб’яднаннях па інтарэсах, у групе падоўжанага дня) для выхавання маральна-этычных якасцей, фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці вучняў пачатковых класаў”. Дадзеная тэма з’яўляецца вельмі актуальнай, асабліва ў Год гістарычнай памяці, бо выхаванне сапраўднага грамадзяніна, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, з’яўляецца адной з найважнейшых задач сучаснай школы. Настаўнікі гімназіі спалучылі на семінары тэарытычны і практычны матэрыял, падзяліліся сваім вопытам, арганізавалі работу па азнаямленні з выкарыстаннем матэрыялаў вучэбнага дапаможніка “Беларусь – наша Радзіма” на практыцы.
Адкрыў пасяджэнне з відэа візіткай гімназіі дырэктар установы Забароўскі Анатолій Станіслававіч. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Касценіч Святлана Віктараўна ў навукова-метадычным блоку пазнаёміла педагогаў з пытаннем далучэння малодшых школьнікаў да культурнай спадчыны свайго краю на ўроках і ў пазаўрочны час. Карысным стаў педагагічны мікс старшыні гімназічнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў груп падоўжанага дня Кудрэвіч Ірыны Сяргееўны, якая падрабязна пазнаёміла са зместам і магчымасцямі выкарыстання выдатнай маляўнічай кнігі “Беларусь – наша Радзіма”. А настаўнік пачатковых класаў Гуцянская Галіна Міхайлаўна правяла віртуальны інформ-дайджэст па выкарыстанні электронных дадаткаў вучэбнага дапаможніка. Усе выступленні суправаджаліся прэзентацыямі з фотааглядам урокаў, заняткаў і мерапрыемстваў, якія праводзілі педагогі гімназіі.
Госці семінара таксама мелі магчымасць непасрэдна стаць удзельнікамі інтэлектуальнага марафона “Вандруем па Беларусі” (настаўнік пачатковых класаў Гіро Ірына Генадзьеўна), квэст-гульні “Збяром Беларусь у сваім сэрцы” (настаўнікі пачатковых класаў Жылко Ала Уладзіміраўна, Кручок Ірына Іванаўна, Фядосава Вольга Іванаўна). Адным з ключавых момантаў семінара стала наведванне адкрытага ўрока па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” у 4 класе (настаўнік Грышкова Таццяна Сяргееўна) і факультатыўнага занятку “Вытокі роднай мовы ў 3 класе” (настаўнік Дзеравяга Ілона Раманаўна), на якіх былі выкарыстаны матэрыялы вучэбнага дапаможніка “Беларусь – наша Радзіма” з мэтай выхавання ў дзяцей маральна-этычных якасцяў, фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці. Вопытам работы таксама падзялілася Вафіна Вольга Мікалаеўна, старшыня гімназічнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў эстэтычных дысцыплін. У завяршэнні семінара госці мелі магчымасць папрысутнічаць на міні-канцэрце з выкарыстаннем беларускага народнага рэпертуару, які падрыхтавалі вучні пачатковых класаў.
Чырвонай ніткай праз выступленні арганізатараў семінара праходзіла думка пра тое, што выкарыстанне матэрыялаў вучэбнага дапаможніка “Беларусь – наша Радзіма” мае даволі шырокія магчымасці ў адукацыйным працэсе. Дзякуючы зладжанай рабоце каманды педагогаў гімназіі госці семінара атрымалі станоўчы педагагічны вопыт па дадзенай тэме з перспектывай яго прымяняць у сваёй практыцы.